+375 17 226-02-71

Пасланне да Ражджаства Хрыстовага Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла

Узлюбленыя ў Госпадзе архіпастыры,
пачэсныя прасвітары і дыяканы,
богалюбівыя інакі і інакіні,
дарагія браты і сёстры!

Сардэчна віншую ўсіх вас са светлым святам Ражджаства Госпада і Спасіцеля нашага Іісуса Хрыста.
Дзівосны цуд богаўцялеснення, які адбыўся больш за дзве тысячы
гадоў таму, і сёння напаўняе нашы душы невымоўнай радасцю. Сёння Бог на
зямлю прыйшоў — і чалавек на неба ўзышоў (сціхіра на вячэрні свята). Тварэц
і Прамысліцель усяго з’явіўся ў свеце, бо па міласэрнасці Сваёй не мог
бачыць людзей, якіх мучыць дыявал (чын святога Хрышчэння); любоўю
пераможаны, Беспачатны і Невыразімы прыйшоў, каб адшукаць заблуднае
Сваё стварэнне (кандак на прытчу аб згубленай драхме прп. Рамана
Салодкапеўца).
Спраўдзіліся дзівосныя прароцтвы вялікіх абвяшчальнікаў Слова
Божага, і перад чалавецтвам, якое тысячагоддзямі чакала спасення і
вызвалення, знемагала пад цяжарам граху, пакутавала ад праклёну не толькі
ў зямным жыцці, але і пасля скону, адчыніліся дзверы нябесныя. Ад вечна
квітнеючай Дзевы прыняў плоць Гасподзь наш Іісус Хрыстос (канон
Ражджаства Прасвятой Багародзіцы) — і херувім, які вогненным мячом
абараняў уваход у рай, адступае ад дрэва жыцця (сціхіра на вячэрні свята).
Нарадзілася Божае Дзіцятка на спасенне свету, нарадзілася пад законам, каб
выкупіць падзаконных, каб мы атрымалі ўсынаўленне (Гал. 4:4-5).
Неспасціжнае змірэнне Гасподняе: будучы Ўсемагутным Уладаром, Ён
з’яўляецца да людзей бездапаможным немаўляткам, будучы Богам, прымае
смяротную плоць і церпіць цяжкасці зямнога жыцця, будучы Бессмяротным,
вольна ідзе на смерць, пакутлівую і ганебную. І робіць гэта не дзеля
выбраных — прарокаў, праведнікаў і Сваіх верных служыцеляў. Хрыстос
прыходзіць дзеля кожнага з нас, Ён жадае спасення ўсіх без выключэння —
грэшнікаў і злачынцаў, раўнадушных і нядбайных, баязлівых і гняўлівых,
нават Сваіх забойцаў!
Нікога не адхіляе Гасподзь, нікім не пагарджае, але наадварот — прымае нашу чалавечую плоць, абнаўляе яе богаўцялесненнем, крыжовымі пакутамі і жываносным Уваскрасеннем, узносіць яе ва ўлонне Святой Троіцы, асвячае знаходжаннем праваруч прастола Бога. І гэтага Жыватворчага Цела Хрыстовага, Яго Прачыстай Крыві, пралітай за кожнага з нас, прычашчаемся мы ў Таінстве Еўхарыстыі — і робімся адзінацялеснымі і адзінакроўнымі не толькі Спасіцелю, але і адзін аднаму.

Аднак, на жаль, сёння мы бачым, як хвалі бязладдзя хістаюць карабель
Царквы, як шторм разладаў і супярэчнасцяў парушае адзінства праваслаўных
вернікаў, як азмрочаныя ворагам і спакушальнікам людзі аддаюць перавагу
прад Крыніцай вады жывой мутнай і не прыдатнай для піцця крыніцы
бязбожных ерасяў (канон святым айцам I Усяленскага сабора). У такі
складаны час усе мы павінны памятаць, што дзеля кожнага з нас нарадзіўся,
распяўся і ўваскрэс Гасподзь, што Ён заснаваў на зямлі Адзіную, Святую,
Саборную і Апостальскую Царкву. Належачы да Царквы, мы закліканы да
пераадолення бязладдзя, супрацьстаянняў і канфліктаў, да вылячэння
расколаў, да дапамогі тым, хто перажывае жахі вайны, пакутуе ад
прыцясненняў і несправядлівасці.
Гасподзь нараджаецца не ў царскім палацы, а ва ўбогай пячоры, у
апошняй галечы. Здавалася б, што можа быць горш за пячору і бядней за яслі
для скаціны? Але ёсць такое месца — гэта выпаленая грахом пустыня сэрца
чалавека, які аддаліўся ад Бога, абыякавага, спустошанага, зняволенага
страсцямі. Аднак у нашых сілах зрабіць сваю душу ўмяшчальняй Бога,
прыгадаць, што Гасподзь блізка, ля дзвярэй, і Ён пакорліва чакае, калі мы
нарэшце ўбачым Яго вачыма веры, упусцім Яго ў сваё жыццё, пачуем Яго
словы, адкажам на Яго любоў — і дадзім Яму Самому дзейнічаць у нас.
Увесь свет радуецца слаўнаму Ражджаству Спасіцеля: ангелы
ўспяваюць хвалебныя гімны, пастухі святкуюць, мудрацы пакланяюцца Яму і
прыносяць дары, і толькі азлобленае і поўнае зайздрасці сэрца Ірада не хоча
прыняць Божую праўду, не радуецца — але дрыжыць, не ад страху Божага —
але ад баязлівасці. Удумаемся, ці не прыпадабняемся мы да яго сваімі
справамі, ці не ставім на першае месца ўласны дабрабыт і камфорт, ці не
баімся мы, што хтосьці будзе лепшым за нас, больш таленавітым і добрым, ці
не чынім мы зло такому чалавеку, імкнучыся абразіць яго ці зняславіць перад
іншымі, скінуць з п’едэстала, каб узвесці на найвышэйшую ступень сябе? Ці
не атрымліваецца так, што крыніцай ісціны робіцца для нас не Гасподзь і Яго
святыя запаведзі, а мы самі? Ці не спакушаем мы іншых, выдаючы за праўду
свае ўласныя, выгадныя нам выдумкі, ці не раздзіраем мы хітон Хрыстовы
сваімі амбіцыйнымі дзеяннямі, ці не сеем зерне разладу і нараканняў сярод
братоў па веры?
Гледзячы сёння на Богадзіця Хрыста, ставячы сябе твар да твару з Божай ісцінай, скінем цяжар страсцей і грэх, які так лёгка апутвае нас (Яўр. 12:1), узнясем цёплыя малітвы аб умацаванні адзінства Праваслаўя і памнажэнні любові, памятаючы пра тое, што любоў міласэрная, любоў не зайздросціць, любоў не ўзвышае сябе, не шукае свайго, не памятае зла, не радуецца няпраўдзе; ўсё пакрывае і усяму верыць (1 Кар. 13:4-7).
У богаслужбовых святочных тэкстах услаўляецца не толькі Гасподзь,
Які нарадзіўся дзеля нашага спасення, але і тыя, дзякуючы каму стала
магчымым Яго ўцялесненне — Прачыстая Дзева Марыя, праведны Іосіф
Заручнік, святыя праайцы. Успомнім і мы ў гэты святочны дзень сваіх
блізкіх: наведаем бацькоў і сяброў, удзелім ім увагу, знойдзем добрыя словы,
падзякуем за ўсё, што яны для нас робяць. Няхай у нашым сэрцы, поўным любові да Бога і бліжніх, будзе жыць Усяміласцівы Хрыстос, Прадвечны і Неспасціжны, Роўнавечны нябачнаму Айцу (сядальны на вячэрні свята). 

Амінь.

+ КІРЫЛ, ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ І ЎСЯЕ РУСІ
Ражджаство Хрыстова
2019/2020 г.
Масква

Минская духовная академия