Звярнуцца да нябёсаў па-беларуску
Знаўца дзевяці моў, кандыдат багаслоўя протаіерэй Сергій Гардун сярод усіх свядома выбірае беларускую. І тлумачыць, што гэта зусім не дзіва…
У пакоі прыёму Свята-Духава кафедральнага сабора Мінска ўсё аскетычна проста: стол, тэлефон, крэслы, шафа ды абразы на сценах. Айцец Сергій сустракае мяне родным «Добры дзень». Зрэшты, чаго здзіўляцца: менавіта яго голас па-беларуску мы чуем за кадрам трансляцый вялікіх праваслаўных набажэнстваў па беларускім тэлебачанні.
— Айцец Сергій, вы размаўляеце па-беларуску штодзённа?
— Так. З жонкай і дзецьмі. Па-за сям’ёю гавару на той мове, на якой са мной размаўляюць. Калі мяне запрашаюць у школу ці да студэнтаў, звычайна выступаю па-беларуску.
У Мінскай духоўнай акадэміі і семінарыі я выкладаю цалкам па-беларуску ўжо 25 гадоў, ад самага яе пачатку. Таксама і ў духоўнай акадэміі. І ў кафедральным Свята-Духавым саборы, дзе я служу ўжо 20 гадоў, прапаведую толькі на роднай мове, — працягвае суразмоўца. А вось у Інстытуце тэалогіі БДУ вяду заняткі пераважна па-руску. Так склалася гістарычна. Там я пачынаў выкладаць у 1994 годзе. Тады гэта быў не інстытут, а факультэт тэалогіі ў складзе Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, рэктар якога не прымаў беларускую мову. У 2004 годзе мы перайшлі ў склад БДУ, але я ўжо не падымаў пытання пра мову выкладання. Праўда, і тут, у Інстытуце тэалогіі, у мяне ёсць курс, прысвечаны развіццю беларускай мовы менавіта ў царкоўным асяроддзі. Натуральна, я яго вяду па-беларуску.
Я скончыў Інстытут замежных моў. Спецыяльнасць — выкладчык англійскай і французскай моў. Цяпер валодаю дзевяццю мовамі: беларускай, рускай, украінскай, грэчаскай, лацінскай, царкоўнаславянскай, англійскай, французскай, польскай. Было нават так, што даводзілася служыць набажэнствы цалкам па-англійску.
— Наколькі часта можна сустрэць беларускамоўнага святара?
— Нячаста. Па той жа прычыне, што і беларускамоўнага лекара можна сустрэць не часта. І нават беларускамоўнага міністра. Але беларускамоўныя свяшчэннікі ёсць. Думаю, пару дзясяткаў набярэцца.
Раней, праўда, іх было значна больш. Напрыклад, падчас «хрушчоўскай адлігі» (сярэдзіна 1950-х — сярэдзіна 1960-х). Тады быў узяты курс на пабудову камунізму і зліццё моў у адну агульную. А праваслаўныя свяшчэннікі ў той час амаль усе размаўлялі па-беларуску. Гэта была для іх натуральная мова. І гэта, дарэчы, тады адрознівала іх ад ксяндзоў, якія размаўлялі па-польску. Памятаю, як ужо ў 1981 годзе я сустракаўся з адзіным тады на ўсю Беларусь беларускамоўным ксяндзом Уладзіславам Чарняўскім, і ён мне паказваў запіскі, якія яму пісалі прыхаджанкі польскімі літарамі: «Не буду хадзіць да касцёла ў Вішнева, бо тут у вас усё па-беларуску, як у праваслаўнай царкве».
І ў 1970-я гады некалькі дзясяткаў свяшчэннікаў актыўна карысталіся роднай мовай у пропаведзях. І нават пісалі па-беларуску вершы. Вось, напрыклад, радкі з верша протаіерэя Іаана Міцько:
Калі ты астаўся адзін
І трэба табе дапамога,
Хоць пару маленькіх хвілін
Успомні пра Бога.
Яшчэ раней, у XІX стагоддзі, вядомыя нам са школьных падручнікаў дзеячы таксама сумяшчалі царкоўнае служэнне і мову. Напрыклад, Іван Іванавіч Насовіч, рэктар Віцебскага духоўнага вучылішча. Акрамя сваёй царкоўна-педагагічнай дзейнасці, ён займаўся фальклорам і выдаў у Санкт-Пецярбургу зборнік беларускіх прыказак і прымавак, а таксама песень. У 1870 годзе надрукаваў першы слоўнік сучаснай беларускай мовы. Яўхім Карскі, аўтар працы «Беларусы», — выпускнік Мінскай духоўнай семінарыі. Мікалай Байкоў і Сцяпан Некрашэвіч, выпускнікі духоўных семінарый, у 1920-я гады выдалі руска-беларускі слоўнік, якім мы карыстаемся дагэтуль.
Цэлая плеяда беларускамоўных царкоўных дзеячаў была ў 20-30-я гады мінулага стагоддзя ў Заходняй Беларусі. Найбольш вядомыя — гэта Сяргей Паўловіч, які складаў падручнікі па Законе Божым на беларускай мове і выдаваў часопіс для дзяцей «Снапок». Таксама Вячаслаў Багдановіч, які ў 20-я гады ў Вільні выдаваў часопіс «Праваслаўная Беларусь». А з нашай больш даўняй гісторыі мне вельмі хацелася б прыгадаць прападобнамучаніка Афанасія Філіповіча, ігумена Берасцейскага. Пра яго вельмі добра распавёў Кастусь Тарасаў у сваім гістарычным нарысе «Гонар». Раю кожнаму пачытаць.
— На якой мове праходзяць праваслаўныя набажэнствы?
— У Праваслаўнай Царкве па ўсім свеце адзін з асноўных прынцыпаў — гэта служэнне на роднай мове. Што датычыцца нашай краіны, калі на беларускія землі прыйшло хрысціянства (канец X стагоддзя), тады панавала мова, якую найчасцей называюць старажытнарускай, але больш дакладна яна завецца агульнаўсходнеславянскай. На гэтай мове пісалі і размаўлялі продкі сённяшніх украінцаў, беларусаў, рускіх. Абапіраючыся на яе з улікам кірыла-мефодзіеўскай традыцыі, сфарміравалася царкоўнаславянская мова. Гэта родная мова нашых продкаў, а значыць, і наша. На ёй цяпер і ідуць набажэнствы.
Праваслаўная Царква па сваёй прыродзе вельмі кансерватыўная. Мы верым у тое, што адкрыў нам Бог. І мы не можам выдумляць штосьці іншае. Баючыся страціць змест, праваслаўныя баяцца мяняць мову богаслужэння. Але архаічная мова можа быць часам незразумелай сучаснаму чалавеку. Таму Царква дазваляе мяняць мову набажэнства на больш зразумелую — рускую ці беларускую.
Але ў Расіі такая практыка не прыжылася. Там няма ніводнага храма, у якім служба ішла б па-руску. Сучасная мова ў іх лічыцца штодзённай, побытавай. А царкоўнаславянская — сродак для размовы з Богам. Тая самая сітуацыя ў Грэцыі і Грузіі: там службы ідуць не на сучасных мовах, а на старажытных. Іншая сітуацыя ў Балгарыі і Сербіі: у Балгарыі служба правіцца па-царкоўнаславянску, але Свяшчэннае Пісанне чытаецца на сучаснай мове. У Сербіі на богаслужэннях ужываюцца абедзве мовы: царкоўнаславянская і сербская. У Польшчы, ва Украіне і ў нас уа Беларусі службы правяцца па царкоўнаславянску, але дапускаюцца набажэнствы на роднай для краіны мове.
— Калі чалавек вырашыць духоўна адукоўвацца па-беларуску, у яго будзе такая магчымасць?
— Безумоўна. У 1989 годзе была створана Беларуская біблейская камісія, якая займаецца перакладам тэкстаў Свяшчэннага Пісання і набажэнстваў на беларускую мову. Штогод выдаецца праваслаўны каляндар на роднай мове. Таксама можна набыць перакладзены праваслаўны малітваслоў. Усё гэта ёсць у кнігарнях Беларусі.
Часам ініцыятыва ўключыць беларускую мову ў пропаведзь ідзе ад святара, настаяцеля, спевакоў хору або прыхаджан. І служба можа стаць беларускамоўнай у любым храме. Напрыклад, у Свята-Петра-Паўлаўскім саборы ў Мінску не радзей чым раз на тыдзень літургія служыцца па-беларуску (раніцай у суботу). І калісьці гэта таксама была чыясьці прапанова, якая стала традыцыяй.
Вераніка ПУСТАВІТ,
студэнтка ІV курса Інстытута журналістыкі БДУ