Пасхальнае пасланне Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі КІРЫЛА архіпастырам, пастырам, дыяканам, манахам і ўсім верным дзецям Рускай Праваслаўнай Царквы
Узлюбленыя ў Госпадзе архіпастыры, шаноўныя прасвітары і дыяканы, багалюбівыя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры!
ХРЫСТОС УВАСКРЭС!
Ад сэрца, напоўненага светлай радасцю аб Спасіцелі, што паўстаў з Гроба, усіх вас вітаю гэтымі жыццясцвярджальнымі словамі і віншую са святам свят – Пасхай Гасподняй.
Сёння мы пакліканы на вялікі пір веры, на вялікую ўрачыстасць духу.Адзінародны Сын Божы, Які прыйшоў у свет, зазнаў пакуты і смерць на крыжы, воляю Нябеснага Айца пераможна паўстаў з гроба! Іісус уваскрэс – і “паглынýта смерць перамогаю” (1 Кар. 15,54)! Ён уваскрэс – і радуецца ўвесь Сусвет! Гасподзь скасаваў пекла і знішчыў уладу дыявала. І ўсё гэта здзейсніў Чалавекалюбівы Бог, каб усынавіць нас Сабе праз Іісуса Хрыста, у Якім мы маем выкупленне Крывёю Яго і прабачэнне грахоў (Эф. 1,4-5;7).
Перамога Хрыста над смерцю – гэта не толькі духоўная, але і фізічная рэальнасць. Гасподзь Іісус сапраўды ўваскрэс целам дзеля спасення ўсіх людзей. З Яго ўваскрасеннем смерць страціла свой незваротны характар і для тых, што ўверавалі ў Хрыста, стала нараджэннем у вечнае жыццё, дзвярыма, якія адчынены для шляху ў неба, у Царства Божае.
Невыпадкова і мучанікі за Хрыста мужна сустракалі любыя пакуты. І калі раней нават вялікія праведнікі смуткавалі па памерлых, як па загінуўшых, то пасля ўваскрасення Госпада Іісуса смерць больш не палохала іх. Як выдатна піша свяціцель Афанасій Вялікі, з гэтага часу ўсе, хто веруе ў Хрыста, маюць яе за нішто, ведаючы зусім добра, што калі яны паміраюць, яны не гінуць, а жывуць і становяцца нятленнымі праз уваскрасенне (Слова пра ўцялесненне Бога Слова і пра прышэсце Яго да нас у плоці). Яскравы прыклад паказалі нам і навамучанікі Царквы Рускай, якія бясстрашна прынялі мучаніцкія вянцы ў гады ганенняў на веру ў ХХ стагоддзі.
Сёння, калі свет усё больш становіцца падобным на неразумнага багача з евангельскай прытчы (гл. Лк.12,16-21), калі камфорт, паспяховасць і доўгае жыццё аб’яюўляюцца ледзь не галоўнымі каштоўнасцямі чалавечага быцця, мы, вучні і паслядоўнікі Спасіцеля, следам за апосталам Паўлам адважна сведчым: для нас жыццё – Хрыстос (Флп. 1,21), а смерць – не канец быцця. Кажам і верым так, бо ведаем: Бог стварыў душу чалавека для вечнасці.
Як часта нам, агорнутым мітуснёю і трывогамі штодзённасці, бракуе духоўнай зоркасці, каб распазнаць пераўтваральную сілу Божай прысутнасці ў нашым жыцці! Але пасхальны перыяд – зусім асаблівая парá. У гэтыя дні нават само паветра нібы насычана ні з чым не параўнальнай пасхальнай радасцю, а любоў і міласэрнасць Божыя шчодра выліваюцца на кожнага чалавека.
Уваходзячы ва ўрачыстасць гэтага дзіўнага і прамяністага свята, мы пакліканы не толькі словам, але і справаю пераканаўча сведчыць пра той вялікі дар, які атрымалі людзі праз Уваскрэслага Госпада Іісуса. Падзелімся ж з навакольнымі радаснай Евангельскай весткай, падорым нашу любоў, клопат і ўвагу блізкім, зробім дабро тым, хто мае патрэбу ў нашай дапамозе і суцяшэнні. Толькі так, удзячнымі вуснамі і ўдзячным сэрцам праслаўляючы Спасіцеля, Які паўстаў з гроба, мы становімся наследнікамі здзейсненнага пасхальнага цуду і маем адвагу называць сябе сынамі і дочкамі Бога Усявышняга, Які праявіў бязмерную любоў да ўсіх нас.
Сардэчна віншуючы вас са светлым святам Святой Пасхі, зноў і зноў звяртаю да вас радаснае прывітанне:
ХРЫСТОС УВАСКРЭС!
Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі
Масква,
Пасха Хрыстова
2018 г.