Пасхальнае пасланне мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла
Пасхальнае пасланне мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага ПАЎЛА, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, архіпастырам, пастырам, манахам і ўсім верным дзецям Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Ня можа ўжо болей утрымліваць людзей улада смерці, бо сышоў Хрыстос, руйнуючы і знішчаючы сілы яе.
Кандак нядзельны, глас 7
Праасвяшчэнныя архіпастыры, пачэсныя прасвітары і дыяканы, богалюбівыя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры!
У гэты светлы і радасны дзень, калі паўната нашай Царквы з лікаваннем сустракае свята над святамі і ўрачыстасць над урачыстасцямі — Пасху Хрыстову, з любоўю вітаю вас словамі апостальскага дабравесця:
Хрыстос уваскрэс!
Сапраўды ўваскрэс!
«Вось надышло для нас жаданае, спасіцельнае свята, дзень Уваскрасення Госпада нашага Іісуса Хрыста. Гэтае свята — залог міру, … разбурэнне смерці, пагібель дыявала. Сёння людзі аб’ядналіся з Ангеламі і … разам з бесцялеснымі Сіламі ўзносяць хвалебныя песні Богу. Сёння Гасподзь зруйнаваў дзверы пекла і саму смерць знішчыў!» — прапаведуе вялікі Настаўнік Царквы — свяціцель Іаан Залатавуст.
Амаль дзве тысячы гадоў Царква славіць Хрыста Ўваскрэслага, спадзяючыся на абяцанае нам усеагульнае ўваскрасенне з мёртвых — бо, паводле слова першавярхоўнага апостала Паўла, як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысце ўсе ажывуць (1 Кар. 15:22). Уваскрасенне Хрыстова — невычэрпная крыніца нашай веры, трывалы падмурак нашай надзеі, краевугольны камень нашай любові да Бога і бліжніх. Ідуць стагоддзі, змяняюцца пакаленні, але Святая Царква, не спыняючыся ў руплівасці і палымнеючы духам (Рым. 12:11), з адвагаю сведчыць пра Ўваскрасенне Хрыста Спасіцеля, Які адчыніў браму ў Царства Нябеснае кожнаму, хто імкнецца жыць з Богам, хто, кіруючыся заклікам Божым, ухіляецца ад зла і робіць дабро.
Дарагія браты і сёстры! Мы жывем у свеце, поўным трывог і хваляванняў. Кожны з нас, у меру свайго вопыту, з’яўляецца відавочцам людскіх хвароб, пакут і смерцяў. Мы бачым, што чалавецтва, існуючы ва ўмовах глабалізацыі, сутыкаецца з такімі ж глабальнымі выклікамі, якія нясуць пагрозу здароўю і бяспецы многіх жыхароў планеты Зямля. Але мы, хрысціяне, не павінны паддавацца ніякім страхам, таму што святло Ўваскрасення Хрыстовага праганяе цемру страхаў чалавечых. «Не бойцеся!» — абвясціў Уваскрэслы Спасіцель жанчынам-міраносіцам (Мф. 28:10), а разам з імі — і ўсім нам. Бачачы ў навакольным жыцці праявы зла, не дапусцім у свае сэрцы смутак і адчай, але пастараемся стаць святлом свету, дзеля выканання слоў Нагорнай пропаведзі Сына Божага (Мф. 5:14), і напоўніць добрымі справамі час, дараваны нам Усявышнім Тварцом.
Будзем імкнуцца жыць так, каб быць для нашых бліжніх прыкладам вытрымкі і разважлівасці, стаўпамі веры ў Бога і вернасці Святой Царкве Хрыстовай, праяўляючы да людзей навокал нас памяркоўнасць, спагадлівасць і братэрскую любоў. Будзем насіць цяжары адзін аднаго, як навучае нас апостал Павел, і гэтак выканаем закон Хрыстоў (гл. Гал. 6:2). Гасподзь і Бог наш — гэта Той, Хто, паводле слова прарока Ісаіі, узяў на Сябе нашы немачы і панёс нашы хваробы (Іс. 53:4). І наш хрысціянскі шлях у гэтым свеце — гэта шлях бескарыслівай дапамогі бліжнім, шлях прабачэння нанесеных нам крыўд, шлях дзейнай міласэрнасці і ахвярнай любові. Сцяжына гэтая няпростая, але тых, хто крочыць ёю, Сам Гасподзь зробіць спадчыннікамі жыцця вечнага і саўдзельнікамі перамогі над смерцю, выяўленай у Светлым Хрыстовым Уваскрасенні!
«Пасха свяшчэнная ў гэты дзень нам паказалася, — Пасха новая, святая, Пасха таямнічая, Пасха ўсімі шанаваная. Пасха — Хрыстос Збаўца; Пасха беззаганная, Пасха вялікая, Пасха верных, Пасха, што дзверы раю нам адчыніла», — пяе ў гэтыя святочныя дні Маці-Царква, натхняючы нас узрадавацца Ўваскрасенню Госпада і Спаса нашага Іісуса Хрыста. Малітоўна жадаю ўсім вам, Праасвяшчэнныя архіпастыры, дарагія айцы, браты і сёстры, каб благадатны агонь Пасхальнай радасці заўсёды ярка гарэў у нашых сэрцах, саграваючы і асвятляючы наша жыццё, і запальваў Божым святлом і радасцю жыццё людзей навокал нас.
Будзем ад усёй душы вітаць адзін аднаго словамі Пасхальнай радасці:
Хрыстос уваскрэс!
І няхай адказам нам будуць такія ж шчырыя і радасныя словы:
Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!
З любоўю ў Хрысце Ўваскрэслым
+ ПАВЕЛ,
мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі
Пасха Хрыстова 2020 года,
горад Мінск