Рождественское послание митрополита Минского и Заславского Вениамина, Патриаршего Экзарха всея Беларуси
Узлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архіпастыры, пачэсныя айцы, богалюбівыя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры, усе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы!
У цяперашнія дні радаснай і светлай урачыстасці ва ўсіх храмах гучыць натхнёны заклік канона Ражджаства Хрыстовага: «Хрыстос нараджаецца — слаўце! Хрыстос з нябёсаў — сустракайце!» Будзем благагавейна, з малітвай, слухаць гэтыя словы, прысутнічаючы на святочным богаслужэнні і малітоўна ўспамінаючы тых, хто цяпер знаходзіцца па-за царкоўнымі сценамі, там, дзе заспелі іх жыццёвыя абставіны. Усе разам услед за Евангельскімі мудрацамі, скіраваныя Віфлеемскай зоркай да ясляў Богадзіцяці, прынясём Госпаду нашаму Іісусу Хрысту дары сваёй любові, адкрываючы Яму напоўненыя верай і адданасцю сэрцы. Бо ўсіх нас у гэтыя святочныя дні аб’ядноўвае невымоўная радасць аб Народжаным Спасіцелю свету.
Вялікая для душы чалавека благадаць ад сустрэчы з Богам. Але глыбокі і смутак нашага аддалення ад Бога, прычынай якога нярэдка становіцца лад жыцця або ўчынкі, якія здзяйсняюцца насуперак запаведзям Божым, калі сэрца чалавечае адварочваецца ад Творцы, звяртаючыся да граху і няпраўды. Але якім захапленнем і натхненнем напаўняецца чалавек, калі раптам у змроку няведання і знямогі душы на дапамогу яўна прыходзіць Гасподзь і праз пакаянне зноў вяртае нам Сваю каштоўную прысутнасць!
Аднак, каб Хрыстос знаходзіўся побач, ад нас патрабуюцца пастаянныя намаганні. Толькі аднаму злу ўласціва распаўсюджвацца лёгка, і таму яно часта здаецца прывабным. А духоўнае жыццё заўсёды прадугледжвае не толькі барацьбу са слабасцямі і грахамі, але і нязменную накіраванасць розуму і сэрца да Бога. «Пакуль ты наогул дыхаеш, усё больш старанна шукай Яго і імкніся да Яго. Бо Ён не пакіне цябе і не забудзе цябе», — навучае прападобны Сімяон Новы Багаслоў.
Нялёгкі шлях пройдзены намі ў мінулым годзе. Ён быў вельмі няпросты для многіх людзей, народаў і дзяржаў, для чалавецтва ў цэлым. Пандэмія раней невядомай хваробы і звязаныя з ёй абмежаванні і пагрозы; напружанасць у шэрагу краін і рэгіёнаў свету; страта аднадумства і адзінства сярод Памесных Праваслаўных Цэркваў, нарэшце, падзел у нашым грамадстве, што ўзнік на палітычнай глебе, — усё гэта пазбаўляе людзей пачуцця бяспекі, стабільнасці і спакою, якое ўжо стала звыклым і штодзённым для нас. Многія адчуваюць разгубленасць і страх перад будучыняй, забываючы пра Айцоўскую любоў Божую да ўсіх нас і пра Яго спасіцельнае апекаванне.
Для нас як хрысціян тое, што адбываецца, — не нагода і не падстава для тугі: свет перажываў часы значна больш драматычныя і небяспечныя. Што б ні адбывалася — святло ў цемры свеціць, і цемра не можа яго агарнуць (гл. Ін. 1:5). Падзеі мінулага года ― сур’ёзная падстава задумацца аб нашым стаўленні да Бога і бліжніх, аб духоўным жыцці паводле запаведзяў, дараваных Госпадам нашым Іісусам Хрыстом, у імкненні да Боганатхнёных Евангельскіх маральных ідэалаў.
Веруючыя людзі не могуць заставацца абыякавымі да трывожных падзей, што адбываюцца ў свеце, і перш за ўсё — у сваёй Айчыне. Але мы таксама не павінны забываць пра пакорнамудрасць і малітоўную развагу ва ўсякай справе і ўсякім слове. Будзем слухаць сваё сэрца і не дазваляць яму апускацца ў бездань перажыванняў і страсцей, каб не страціць каштоўны ўнутраны мір душы, які даруецца звыш тым, хто шукае волю Божую. Менавіта гэты мір Хрыстоў, як толькі ён запануе ў сэрцы чалавечым, дае яму сілу любіць не толькі Бога і бліжняга, але нават і ворага свайго. «Мір у Хрысце — гэта найвялікшы дар Божы чалавеку, — кажа архімандрыт Георгій, ігумен манастыра прападобнага Грыгорыя на Святой Гары Афон, — … гэты мір выпраменьвае сваё святло ў знешні свет».
У большасці выпадкаў мы не ў стане паўплываць на працэсы, якія ахапілі цяперашні свет. Але Гасподзь і не заклікае нас да гэтага. Будзем рабіць тое добрае, што ў нашых сілах, а ў астатнім даверымся волі Божай: «Пакінь Госпаду клопат твой, і Ён падтрымае цябе» (Пс. 54:23). У той жа час мы можам і павінны пільна сачыць за тым, што адбываецца ў нашых сэрцах. Па словах прападобнага Макарыя Егіпецкага, «сэрца — гэта малы посуд, але ў ім умяшчаюцца ўсе рэчы: там Бог, там Ангелы, там жыццё і Царства, там нябесныя мясціны, там скарбы благадаці».
Віншуючы ўсіх вас са спасіцельным святам Ражджаства Хрыстовага, малітоўна жадаю, каб светлае перажыванне гэтай урачыстасці напоўніла нашы сэрцы радасцю аб Народжаным Богадзіцяці; каб душэўная гармонія і згода былі ў сем’ях, калектывах, у грамадстве, ва ўсёй Айчыне нашай і за яе межамі. Добрага вам здароўя, дабрабыту, усемагутнай дапамогі Божай у паўсядзённай працы, і няхай святло Віфлеемскай зоркі асвятляе ўсе шляхі, па якіх нам трэба будзе прайсці ў новым годзе!
+ Веніямін,
мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі
Ражджаство Хрыстова
2020/2021
горад Мінск
Church.by / Пресс-служба МинДА