Навукова-асветніцкая экспедыцыя адправілася з Мінска ў Івацэвічы
Раніцай 28 жніўня 2024 года з Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора накіравалася ў свой шлях XXXI навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў». 31 жніўня яна прыбудзе ў «сталіцу» Свята беларускага пісьменства і друку 2024 года – горад Івацэвічы Брэсцкай вобласці.
Малебен для ўдзельнікаў экспедыцыі ўзначаліў рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Афанасій (Сакалоў). Ён жа зачытаў пасланне Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна. Уладыка выказаў спадзяванне на тое, што ўдзельнікі экспедыцыі, сустракаючыся з духавенствам і прыхаджанамі Пінскай і Брэсцкай епархій, з школьнікамі і студэнтамі, працоўнымі калектывамі ва ўстановах адукацыі і культуры, будуць «несці святло Божае, праявяць найлепшыя свае якасці, самыя высокія памкненні – уласна тое, што чалавека набліжае да Бога». Таму бачнымі сімваламі экспедыцыі з’яўляюцца Непагасная лампада з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга і цудадзейная Загор’е-Сталавіцкая ікона Божай Маці. Духоўным кіраўніком экспедыцыі, якая аб’ядноўвае пісьменнікаў, вучоных, дзеячоў культуры і святароў, сёлета прызначаны клірык Барысаўскай епархіі протаіярэй Аляксандр Пачопка. Ён пастараецца захаваць і памножыць традыцыі гэтай экспедыцыі, што былі закладзеныя шматгадовай падзвіжніцкай працай светлай памяці протаіярэя Сергія Гардуна, прафесара Мінскай духоўнай акадэміі.
Прыемным момантам пачатку экспедыцыі сталі ўзнагароды яе пастаянным удзельнікам. Вадзім Спрынчан і Яўген Пясецкі ўдастоены медалёў свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі, прасвітара Мінскага.
Арганізацыя экспедыцыі – агульная справа Царквы і дзяржавы. Таму да прысутных звярнуўся намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь С.С.Герасіменя. Прамоўца падкрэсліў грамадзянскае і патрыятычнае значэнне «Дарогі да святыняў».
Агульны шлях экспедыцыі сёлета складае 777 кіламетраў. Падрабязны маршрут размешчаны на афіцыйным сайце Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Фота: Андрасюк Я.