Пасланне да Ражджаства Хрыстовага мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага ПАЎЛА
Пасланне да Ражджаства Хрыстовага
мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага ПАЎЛА, ПатрыяршагаЭкзарха ўсяе Беларусі, архіпастырам, пастырам, дыяканам, манахамі ўсім верным дзецям Беларускай Праваслаўнай Царквы
Узлюбленыя ў Госпадзе архіпастыры,
пачэсныя прасвітары і дыяканы,
богалюбівыя інакі і інакіні,
дарагія браты і сёстры!
Сардэчна віншую ўсіх вас са светлазарным і светаспасіцельным святам Ражджаства Хрыстовага!
«Слова стала плоццю, гэта значыць Сын Божы, роўнабеспачатны Богу Айцу і Духу Святому, зрабіўся чалавекам, уцялесніўшыся ад Духа Святога і Марыі Дзевы. <…> Беспачатны — прыняў пачатак па чалавецтву; бесцялесны — стаў носьбітам плоці; Бог — чалавекам, не перастаючы быць Богам; непрыступны, ад Якога трымцяць Серафімы і Херувімы, твары закрываючы, — стаў для ўсіх даступным!» — так разважае над сэнсам Ражджаства Госпада нашага Іісуса Хрыста святы праведны Іаан Кранштацкі.
Сын Божы прыйшоў на зямлю згодна з усеблагой воляй Бога Айца, Які бясконца любіць створанае Ім чалавецтва. Так узлюбіў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае (Ін. 3: 16). А таму Ражджаство Хрыстова — гэта зусім асаблівае свята.
Паводле слова свяціцеля Льва Вялікага, «ніхто не адлучаны ад удзелу ў гэтым святкаванні, бо падстава для радасці агульная для ўсіх. Гасподзь наш, Пераможца граху і смерці, не знайшоўшы ніводнага бязгрэшнага чалавека, прыйшоў, каб усіх зрабіць свабоднымі». Свабода ад зла, граху і путаў самой смерці — вось той бясцэнны дар, які прынёс усім нам Спасіцель, народжаны пад зводамі Віфлеемскай пячоры.
Слава ў вышніх Богу і на зямлі мір, у людзях добрая воля! (Лк. 2: 14) — такімі словамі ўславілі Ангелы нараджэнне Богадзіцяці. Звыш дзвюх тысяч гадоў хрысціяне з заміраннем слухаюць гэтае дзівоснае дабравесце пра Бога — Усяміласцівага Падаўца міру, невычэрпную Крыніцу мірнага ладу чалавечага быцця. Але вельмі важна для ўсіх нас, тых, хто верыць у Хрыста Спасіцеля, не толькі ўскладаць свае надзеі на Госпада і спадзявацца на Яго Промысл, але і самім імкнуцца набыць мірны настрой духу, стаўшы для свайго найбліжэйшага акружэння блажэннымі міратворцамі, пра якіх кажа Сын Божы ў Нагорнай пропаведзі (Мф. 5: 9). Мы закліканы зрабіць нашы душы прыстанкам Богаўгоднай добрай волі і быць здольнымі рабіць добрыя справы.
Пастараемся захаваць на скрыжалях нашых сэрцаў нятленнае сведчанне Хрыстова: …быў галодны Я, і вы далі Мне есці; быў сасмяглы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне. <…> Праўду кажу вам: тое, што зрабілі вы аднаму з братоў Маіх меншых, Мне зрабілі (Мф. 25: 35-36, 40).
Наша хрысціянская місія — рабіць дабро не ад выпадка да выпадка, але рэгулярна і пастаянна. У нашых сілах, з дапамогай Божай, рабіць добрыя справы кожны дзень.
Гасподзь заклікае ўсіх нас рабіць дабро па меры нашых магчымасцяў і памятаць, што ёсць такія добрыя справы, да якіх закліканы ўсе хрысціяне. Гэта шчырае прабачэнне прычыненых нам крыўд і малітва за нашых бліжніх, сардэчнае спачуванне да людзей, якія жывуць у нястачы, і малітоўнае ўздыханне да Бога аб тых, каму мы не можам дапамагчы фізічна.
Калі мы будзем праяўляць больш цярпення, чуласці, увагі, павагі адзін да аднаго, калі будзем прабачаць і маліцца адзін за аднаго, то свет, у якім мы жывем, стане лепей. Калі мы хацім змяніць і накіраваць грамадства да дабра, святасці і праўды, то нам належыць пачаць гэты працэс з саміх сябе, з праабражэння нашых душ святлом Евангельскіх запаведзяў. Толькі ў гэтым выпадку благадатныя дары Духа Святога — любоў, радасць, мір, доўгацярплівасць, добрасць, міласэрнасць, вера, лагоднасць, устрыманасць (Гал. 5: 22-23) — могуць стаць пачаткам стварэння Царства Божага, якое, згодна са словам Хрыста Спасіцеля, унутры нас (Лк.17: 21).
Разважаючы сёння пра Богаўцялесненне Сына Божага і Спасіцеля свету, і пра пройдзены цяжкі і доўгі шлях персідскіх мудрацоў да Віфлеемскай пячоры, кожны з нас таксама закліканы прайсці свой няпросты шлях да Бога.
Няхай, падобна да Віфлеемскай зоркі, нас вядуць па жыццёваму шляху словы Госпада Бога і Спаса нашага Іісуса Хрыста: Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі любоў будзеце мець памíж сабою (Ін. 13:35). Сардэчна жадаю ўсім вам, узлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архіпастыры і пастыры, інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры, каб прыклад набожных мудрацоў натхніў усіх нас на выкананне Хрыстовых запаведзяў, каб нам належным чынам далучыцца да ўсяленскага святкавання Ражджаства Хрыстовага, прынёсшы Богадзіцятку Хрысту свае сціплыя, але шчырыя дары — справы дабра, любові і міласэрнасці.
«Хрыстос нараджаецца — услаўляйце! Хрыстос з нябёсаў — сустракайце! Хрыстос на зямлі — узносьцеся!» — абвяшчае ў гэтыя светлыя дні Святая Царква. Сустрэнем жа Госпада на
лежнымі дарамі і прынясем Яму замест золата, ладану і смірны моцную веру, натхнёную надзею, дзейную любоў. Ушануем Богаўцялесненне саборнай малітвай, удзелам у богаслужэннях і святых Таінствах, непарушным адзінствам у Царкве Хрыстовай, якая ёсць стоўп і ўмацаванне ісціны (1 Цім. 3: 15).
Узрадуемся і ўзвесялімся, бо з намі Бог!
З любоўю ў Хрысце Народжаным
+ ПАВЕЛ,
мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі
Ражджаство Хрыстова
2019/2020 года,
горад Мінск