Прафесар Акадэміі стаў лаўрэатам Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Міласэрнасць”
Прафесар Мінскай духоўнай акадэміі, доктар царкоўнай гісторыі іярэй Гардзей Шчаглоў стаў лаўрэатам Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Міласэрнасць”.
Заснавальнікамі конкурсу выступілі Саюз пісьменнікаў Беларусі, Мінскае гарадское аддзяленне СПБ, Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа”. Мэтамі конкурсу былі – асвятленне гуманітарнай дзейнасці, якая ажыццяўляецца ў Беларусі, працы Беларускага Чырвонага Крыжа, павышэнне прэстыжу валанцёрскай дзейнасці ў грамадстве, услаўленне міласэрнасці, гатоўнасці прыйсці на дапамогу да тых, хто трапіў у складаную сітуацыю.
На разгляд журы конкурсу паступіла звыш ста дваццаці твораў – вершаў, апавяданняў, нарысаў, эсэ, інтэрв’ю, даследаванняў. Адметна тое, што сярод аўтараў – прадстаўнікі розных рэгіёнаў нашай краіны, розных узростаў. Адгукнуліся як аматары, так і прафесіянальныя літаратары. А лаўрэатамі творчага конкурсу сталі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Лашук і Таццяна Сучкова (г.Гродна), Дзмітрый Мікалаеў, Алена Стэльмах, Уладзімір Тулінаў і Гардзей Шчаглоў (г.Мінск).Урачыстае ўзнагароджванне пераможцаў конкурсу адбудзецца 2 сакавіка ў Доме літаратара.Яны атрымаюць дыпломы, грашовыя прэміі і каштоўныя падарункі. Ёсць меркаванне арганізатараў прадоўжыць гэты конкурс і ў бягучым годзе.
Сайт грамадскага аб’яднання Саюз Пісьменнікаў Беларусі